Гэта крык, што жыве Беларусь

Янка Купала

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь,—
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
        Сваю матку-зямлю — Беларусь.
 
Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб’ю па калена, што сею, расце,
Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:
        О, такіх няма, мусіць, нідзе!
 
З саламянай страхой мая хатка, гумно;
Непачэсна, што праўда, віднеюць яны,
Дый на іх жа сваёй клаў рукой бервяно
        І зямлю раўнаваў пад звяны!
 
З саламянай страхой мая хатка, тачок!
Многа чутак наводзяць і дум на душу;
Я ў сне бачу іх, помню кожны разок
        І у сэрцы, як веру, нашу.
 
Хатка сведкай была, як пазнаў божы свет;
З хаткі бегаў да школы вучыцца чытаць;
Пры лучыне не раз гаварыў казкі дзед;
        У двор з хаткі хадзіў зарабляць.
 
У тачок збожжа, сена я клаў кожны год;
У ім першы раз Зосі сказаў, што люблю...
У ім з дзеткамі после збіраў умалот,
        І цяпер пры ім лазню таплю.
 
А хоць гора зазнаў, знікла доля навек,
Зося парыць зямлю, у свет дзеці пайшлі,—
Тут жа неяк прывык да ўсяго чалавек,
        Прырос неяк, як корч да зямлі!..
 
Тут усякая рэч як гавора з табой:
І крывая бярозка, і столетні дуб,
Снег халоднай зімой, траўка летняй парой,
        І асвер, і абцінены зруб...
 
А бурлівы ручай і зялёненькі сад! —
Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!..
Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад,
        А цяпер жа вялікі, як гай!
 
З садам гэтым я зжыўся, як з хаткай сваей;
Знаю, колькі з яго маю яблык і сліў;
Ночак шмат скаратаў у ім з Зосяй даўней,
        Шмат чаго у ім я перасніў!
 
Ой, бывала, як сонейка блісне вясной,
То ж то рай, далібог! — захліпаецца дух,—
Як на ўсе на лады, на садок увесь той
        Засвяргоча рой птушак-пяюх!
 
Тут кукуе зязюля, ці шмат пражыву;
Там чырыкае шпак, там пяе салавей;
Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву;
        А на ўсё сонца грэе цяплей і цяплей!..
 
Цяпер глянь, браце, вокам на поле, на луг,
На сівец-сенажаць, на вузкія шнуры,
Дзе свістала каса, барабаніў дзе плуг,
        Дзе з зары працаваў да зары:
 
Тут даўгі-даўгі шнур зелянее з аўсом;
Бліжэй гоні адны, на іх — бульба у шар;
А там далей даўгі шнур віднее з жытцом;
        А там голы, як бубен, папар.
 
Пасяродку аўса галавісты лянок
Зелянее, інакш адбівае сабой;
Там вусаты ячмень, а там далей набок
        Ад ячменю — дзірванчык з лазой.
 
Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі... ат... што!.. аб іх после скажу...
        Долі іх надта ж я не люблю!..
 
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор,—
        Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!

Іншыя творы: Янка Купала