Хвалююцца морскія хвалі...

Янка Купала

Хвалююцца морскія хвалі,
І воблакі вецер калыша,—
А мы плывём далей і далей,
А мы ляцім вышай і вышай.
 
Наперад мы йдзём векапомна,
Як сонца на небе ў пагоду,
Будуем мартэны і домны,
Будуем гіганты-заводы.
 
Будуем, няволі не знаем,
Цярэбім да шчасця дарогі,
Святкуем Кастрычнікі, Маі —
Свае да святла перамогі.
 
Не ў страх нам пагрозаў замахі,
Не ў страх інтэрвенцкія шхуны,—
Ні стуль, дзе гадуюць манархаў,
Ні стуль, дзе бушуюць тайфуны.
 
На ўсход, захад, поўнач і поўдзень
Плыве бальшавіцкая песня,
Плыве песня ў творчым паходзе —
Для светаў старых буравеснік.
 
1934

Іншыя творы: Янка Купала