Нібы эпіграмы

Янка Купала

Якубу Коласу
Шкадую, дружа Колас,
Што тут цябе няма,—
Ясней свяціла б сонца
Цяплей была б зіма.
 
Складалі б разам песні
Аб радаснай вясне,
Аб шчасці варажылі б
На іскрыстым віне.
 
Дзве тысяч кіламетраў
Сягоння дзеліць нас...
Але што значаць вольным
Адлегласці і час!

Валодзю Хадыку
Хадыка хадыкае,
Дыбае,
Сто вершаў задумністых
Выбаіў.
 
Мой мілы, мой добры Валодзя!
Па-мойму, во гэтак здаецца:
«Задумністых», можа, ўжо годзе,
А болей — ад сэрца, ад сэрца...
 
1934

Іншыя творы: Янка Купала