Хмары і думы

Янка Купала

Чорныя хмары па небе плывуць,—
Чорныя думы заснуць не даюць:
 
Хмары хацінай, а думкі душой
Рады затрэсці, заціснуць сабой.
 
Валіцца з хмараў то снег, то вада,—
Чорныя думы прыносіць бяда;
 
Так і ваюе бядак-чалавек
З хмарамі, з думамі цэлы свой век...
 
[1908]

Іншыя творы: Янка Купала