Сей, вольны сейбіт!

Янка Купала

Газеце «Беларуская вёска»
 
Сей, вольны сейбіт,
Сей свой палетак!
А гэтак шчыра,
А дбала гэтак!
 
Сонца ўлье сілу
Вольным загонам,—
Зерне абойдзе
Шоўкам зялёным.
 
Вольна, як вецер,
На ўсю старонку
З коласам колас
Пачне гамонку.
 
Вольныя жнеі
Прыйдуць з сярпамі,
Густа засцелюць
Поле снапамі.
 
Людзі з няволі
Здзівяцца дзіўне
З вольнае працы
Ў вольнай краіне.
 
Здзівяцца людзі
І скажуць гэтак:
«Сей, вольны сейбіт,
Сей свой палетак!»
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала