Холадна...

Янка Купала

Холадна, холадна ў хатцы маей:
Лёгка навек загавеці;
Сыплюцца слёзы, як іскры, з вачэй;
Божа! як жудка на свеце!
 
Голасна будзячы сонну глушу,
Віхры зусюль завываюць;
Думка за думкаю лезе ў душу,
Сэрца нудою сціскаюць.
 
Нейкім туманам усё заплыло;
Глуха!.. Ні сілы, ні гарту...
Ўсё пражыванае прахам ішло.
Ўсё, што йдзе, думаць не варта.
 
З нейкім пракляццем прыходзім на свет,
З нейкім на той свет сыходзім;
Потам, крывёю век сцелецца след,
Песню змучэння заводзім.
 
Ступіш... і гадзіны ўюцца ля ног,
Крыкнеш... не чуюць каменні;
Рукі працягнеш ты, повен трывог...
Ласкі не знаюць паленні.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала