Маё мне сонца правадыр...

Янка Купала

Маё мне сонца правадыр,
Мне сцежкі знача безупынна,
За ім ляцеў бы на Памір
І на Эльбрус, і на Хібіны.
 
За ім, не знаючы нуды,
Каналам плыў бы Беламорскім,
Ляцеў бы вызнаць гарады —
Магнітагорскі й Краматорскі.
 
За ім ляцеў бы я ў прастор,
Туды — у высь, у стратасферу,
Пабыць гасцём у ясных зор,
Жыццё планетнае праверыць.
 
За ім — за сонейкам мой шлях,
Куды яно з сваёю ласкай,
Ляцець, плысці, як той жар-птах,
На полюсах рабіць папаску.
 
Зямлю і неба ўдоўж і ўшыр
Так кожнай зведаваць хвілінай...
Маё мне сонца правадыр,
Мне сцежкі знача безупынна.
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала