Хлопчык і лётчык

Янка Купала

Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне.
 
Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт.
 
Мне ўжо надакучыла дома —
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.
 
Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,
 
Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.
 
На моры зірнуць хоць раз вокам,
Як ходзяць па іх караблі,
Ляцеці далёка, высока
Ды так пабываць і ў Крамлі.
 
І там з-пад нябеснае далі,
Грымнуць громка ўсімі грудзьмі:
— Дзень добры, таварыш наш Сталін!
Паклон з самалёта прымі!
 
Вось гэтак у добрым здароўі
Мы будзем ляцець і ляцець.
Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,
Не будзеш ты клопату мець!
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала