Будзь смелым!..

Янка Купала

Будзь смелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
 
Будзь смелым!.. Не вер у людскую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!
 
Будзь смелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг,
Адважным ваякам не страшны ланцуг!
 
Будзь смелым, як вецер, як воля сама!
Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!
 
Будзь смелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала