На штыхі!

Янка Купала

На штыхі, пад званы і пажар,
Мы ўзрухнулі зямлі ўсёй абшар.
 
Фабрык мы грахатлівых сыны,
Мы ў крыві, мы ў агні, не адны.
 
Расплаўляем зямлю, як чыгун,
На вагнішчы ўсялюдных Камун.
 
Пад нагамі сусветны банкір,
На штыхах каранованы мір.
 
Мы, народы ўсіх нацый, краін,
Б’ём пабеду ў бубны, як адзін.
 
На змаганне з заўзятым ўрагом
Усясветна, ўсялюдна ідзём.
 
Падае голас Захаду Ўсход:
Гэй, пад сцягі, паўсталы народ!
 
Ад сусветных народных трыбун
Трубяць трубы злучоных Камун.
 
Крывёй пеніць пабедны бакал,
Згінь, згары, людаед-капітал!
 
Бой апошні — памерці, ці жыць,
На ўсясветным абшары гарыць.
 
На штыхах перакулены трон,
Руйнавальны трасе небам звон,
 
Руйнавальны той молат, чыгун
Нашых вольных працоўных Камун.
[1920-1925]

Іншыя творы: Янка Купала