Па жыццёвай пуцявіне

Янка Купала

Па жыццёвай па цярністай
Пуцявіне йду,
А за мной мая нядоля
Гоне ўслед бяду.
 
Бяда чорная такая
Сунецца, бяжыць,
Слёзы, жаласць насылае,
Аж трудненька жыць.
 
Смутна, смутна, цурком слёзы
Льюцца з-пад павек,
Хоць бы йшла ўжо смерць-магіла,
Чымся так жыць век!
 
Эй, пайду я ў бор шумячы,
Песню запяю,
Перад лесам выллю скаргу
Горкую сваю.
 
Дзе ты, доля, дзе ты, воля?
Не знаць, не чуваць;
Глуха стогнуць дубы, хвойкі,
Галіны трашчаць.
 
Каб, здаецца, абняў елку,
Сагрэў бы сабой,
А з людзьмі так неяк зімна,
Жудка, Божа мой.
 
Акавала сонца праўды
Няпраўды зіма,
І як жыці, што чыніці?
Разгадкі няма.
 
Толькі чорная нядоля
Сунецца, плыве,
Хоць змагаюцца з ёй, гоняць,
А яна жыве.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала