Ўсё аддам залатому жыццю я

Алесь Дудар

Ўсё аддам залатому жыццю я
для другіх гадзін...
Бачыць сэрца ўсё і чуе -
маладое нашто маладзіць?..
 
Ад сваіх, ад чужых раздарожжаў
я іду далей...
Шмат напеваў у нас прыгожых,
а хацелася б весялей.
 
Вось і ўсё... За часінай часіна -
гэтак дзень за днём.
Бач, як раніца закаласіла!..
Дык няўжо ж цяпер мы заснём?
 
І таму, каго дзень не хвалюе,
песні гэтакай не нарадзіць.
Ўсё аддам залатому жыццю я
для другіх гадзін.
 
1927

Іншыя творы: Алесь Дудар