Трыумф

Алесь Дудар

І
 
Я ня знаю, што будзе заўтра:
мне сягоньня – апошняй мяжой;
дні стаяць сталёваю вартай
паміж будучынай і мной.
 
Знаю толькі – будзе другое,
заквітнеюць другія дні…
Сёняшняе ўсё і дарагое
непатрэбным стане другім.
 
Можа, заўтра будуць сьмяяцца,
можа, будуць сьмяяцца з поэта…
Зарастуць дарогі рутай-мятай,
зарастуць дарогі белым цьветам.
 
Гэтак кніга – адкрылі і закрылі,
прачыталі – дый зноў на паліцу…
Бачу Будучыну з сінімі крыламі,
Стану і буду ёй маліцца.
 
ІІ
 
Гаварылі, сьмяяліся, плакалі,
гандлявалі душой і целам…
Хто ня з намі – зацкаваць сабакамі,
ня жыцьцё таму на свеце белым.
 
І ўзялі паяскі і лапці,
І кашулі надзелі зрэбныя…
Нам цяпер сьмяяцца, ня плакаць,
нам нічога болей ня трэба.
 
І хадзілі другія ў смокінгах,
І курылі тытун заморскі:
а такія ня ўскінуць вокам
на бязьлітаснасьць і на жорсткасьць.
 
Не хачу ў чужое ўбірацца,
Каб лякеркі блішчэлі на нагах.
Калі-ж лапаць – адзнака нацыі,
Дык і я тады – рэнегат!..
 
ІІІ
 
Мне пляваць на святых і на бога…
Знаю – цудаў нідзе не спаткаць.
Вось каб мне заснуць надоўга, -
сотні, тысячы год праспаць.
 
Я прачнуся ў іншым сьвеце.
Што там будзе? .. Не мне згадаць…
Можа будзе адменены вецер
і вісецьме дзень на правадах…
 
Можа, кожны камень заіскрыцца.
Будуць дзеці ад мяне ўцякаць.
Завядуць мяне людзі ў зьвярынец
і напішуць: “РУКАМІ НЕ ЧАПАЦЬ!”..
 
Буду я глядзець і дзівіцца,
як зьмянілася ўсё на свеце.
Можа, мне як–небудзь прысьніцца
наша поле, сонца і вецер.

Іншыя творы: Алесь Дудар