Цені

Алесь Дудар

Ах, цені, цені… паляглі вы
усходняй казкай на асфальт…
Сплылі разьлівам він гульлівых
на думак адзьвінеўшы жаль.
 
І я, як вы, блудзіў па сьвеце,
туляўся в выбаінах зор.
Мне ў вочы кідаў вецер смецьце
старых, забытых абразоў.
 
Цяпер ізноў спляліся цені
ў чароўны, казачны вузор,
а я ўжо зьдзейсьніў лятуценьні
ў чырвоных выбаінах зор.
 
І песьняй светлаю спавіты,
і адзьвінеў, адплакаў жаль…
І цені казкаю блакітнай
ляглі на гарадскі асфальт.

Іншыя творы: Алесь Дудар