Завяжу я...

Алесь Дудар

Завяжу я, завяжу я –
Завяжу я думкі ў вузел:
Песьню нашу – ня чужую,
Ня чужую чуў я ў лузе.
 
Распляту касу густую
Ды акутаюся ў кудры…
Маладую, агнявую
Я ніколі не забуду.
 
Грайце, струны, грайце, струны,
Грайце, струны, пра раздольле:
Парасту я ў полі руньню,
Парасту травою ў полі.
 
Думкі ў вузел завяжу я
Дый зямельку пацалую –
Не пайду ў зямлю чужую,
Бо сваю мацней люблю я.

Іншыя творы: Алесь Дудар