Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Янка Купала

З плачам думка-песня льецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб’ецца...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Маці-ўдоўка, сірацінка
Паглядаюць у аконца,—
Дагарэла ўжо лучынка...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Пхнецца сцежкай падарожны,—
Няма хлеба ўжо ў катомцы,—
Цэль далёка, зблудзіць можна...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Мужык з горам ляжа, ўстане,
Пляце байкі дзеткам, жонцы,
Толькі чутны уздыханні...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Шнур бядак пахаў да поту,—
Марны ж колас на саломцы,—
Ні красы той, ні ўмалоту...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Беззямельны згубіў долю,
Хоць шукай з бяды ў палонцы;
Ні той хаты, ані поля...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Путы, катаргі, астрогі,
Сібір поўная бясконца;
Ні той праўды, ні дарогі...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
З плачам думка-песня льецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб’ецца...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
— Ці ты ўзойдзеш?
 
[1906-1909]

Іншыя творы: Янка Купала