Лета

Янка Купала

Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!
Цягнуцца стройна шнуры каласістыя,
Пахне павабна трава над ракой.
 
Гнуцца на лузе касцы немарудныя,
Дзе-нідзе ў постаці серп заскакаў;
Песня пачулася наская, нудная,—
Рэха панеслася — бор адказаў.
 
Шум пакаціўся ад лесу адзетага;
Сонца купаецца ў полыску рос;
Эх! каб, здаецца, ды шчасце да гэтага!
Эх, каб, здаецца, менш гора і слёз!..
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала