Песня аб песнях

Янка Купала

Туды-сюды, там ды сям
З думкай злётаў ўслужнай,
Во й гатова песня вам!
Пейце толькі дружна.
 
А жыла ж каб век вяком,
Спішу на паперы,
Бо што спісана пяром,
Не выйме й сякера.
 
Песні, знайце,— сэрца дар,
Шанаваць іх трэба;
Кепскі з нас той гаспадар,
Што не мае хлеба;
 
І без песень жа народ
Што ён варт быць можа?
Ён і цёмны, як той скот,
І бяды не зможа.
 
Газет, кніжак мовай чэй
Найболей друкуюць,
Паважаюць тых людзей,
Любяць і шануюць.
 
Так і вы ж, людцы мае,
Ўстаньце, ачуняйце,
Аб чым песенька пяе,
Хутка пераймайце.
 
Пейце, пейце а дружней,
Брацці-беларусы,
Барукайцеся смялей
З няпраўдай, з пакусай.
 
Блізкі той дзянёк, калі
Шчасна запануем,
Станем самі мы людзьмі
І край адбудуем.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала