Рвуцца сілы...

Янка Купала

Сняцца слёзы, сэрца ные,
Пяюць ветры дзіка;
Рвуцца сілы маладыя
Да працы вялікай.
 
Рвуцца, як той сокал з клеткі,
Людзьмі закаваны,
Рвуцца, хоць лёс чорны гэткі
На душы тнець раны.
 
Рвуцца к бітвам з непагодай,
З няволяй, з нядоляй,
Туды рвуцца, дзе заўсёды
Слёз і гора болей.
 
Без упыння рвуцца сілы,
А вецер шумлівы,
Як падземны, як з магілы,
Вые ўсім надзіва:
 
«Эх, дарэмна гэтак рвешся
З маладой душою!
Аб няпраўду разаб’ешся
З сваёй барацьбою.
 
І так зробішся, як кажны,—
Будзеш спаці ў ковах,
Будзеш дужы і адважны,
Дый толькі на словах!»
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала