Люлі, люлі, мужычок!

Янка Купала

Шуміць шумненька барок
Песняй жаласнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
Спі — ўставаць зарана!
 
Яшчэ поўнач,— петухі
Першыя не пелі;
Твае коні-валахі
Сена не паелі.
 
Шыпяць, свішчуць па лугах
Вужы, скарпіякі,
А па стайнях, па хлявах
Лазяць ваўкалакі.
 
Ведзьмы, совы, кажаны
Круцяцца, лятаюць,
На сваіх бацькоў сыны
Залом заламляюць.
 
Змей панёс чараўніком
Грошы ад скупога;
Ваўкі выюць пад лясом,
Аж ляціць трывога.
 
Шуміць шумненька барок
Песняй жаласнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
Спі — ўставаць зарана!
 
Яшчэ вокал цемната
Над светам пануе,—
Яшчэ міласць, дабрата
Людзей не раўнуе...
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала