З песень беларускага мужыка

Янка Купала

Я — багач, я — магнат!—
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат?!
Цэлы свет мне адкрыт!
 
Я усё закляну,
Усё сілай папру,—
З гор зраблю даліну,
А з далінкі гару!
 
Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пайду,—
Увесь свет накармлю!
 
Кажуць, кволы дух мой...
А ўсё ж я маладзец:
Замахаю касой —
Трупам ляжа сівец!
 
Кажуць, крыўджу людзей...
Ах, каб іх жа багі! —
Ці ж не з працы маей
Карыстае другі?!
 
Эй, дуж я да ўсяго —
На раллі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагчы не магу!..
 
Толькі шнур мой вузкі
Град аполе, пажне,
І залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне.
 
Толькі ў хатцы маей
Зімой свішча віхор,
Хлябок вынесе змей,
Дроў не дасць панскі бор.
 
Толькі, як памру я,
Прападаю, як мыш,—
Няма хоць бы гнілля
На труну і на крыж...
 
Толькі, як памру я,
Не ўмірае бяда,—
Хоць з магілкі маей
Насып змые вада.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала