Мае думкі

Янка Купала

Мае думкі, быццам кумкі,
Назаляцца любяць мне.
То стыдліва, то пужліва,
Тая ў яве, тая ў сне.
 
Тая плача, тая скача,
Тая песенькі пяе;
Як зязюлькі-аздабулькі,
Думкі родныя мае.
 
Ходам-зводам за народам,
За братамі за маймі
Цераз гоні, цераз тоні;
І вазьмі ж ты іх, вазьмі!..
 
Дні, вячоры — полем, борам,
То ім жалю, то пацех...
Стужай стогнуць, бурай дрогнуць,
Сонца гляне — яны ў смех!
 
Як пры студні ў дзень нябудні
Кумкі гутарку вядуць,—
Думкі глянуць, не адстануць,
На язык усё бяруць.
 
Сяк і гэтак шмат, ох, летак
Акелзаць я іх хачу:
Прытыкаю, навучаю...
Думкі змоўклі,— я маўчу.
 
Ціха... ціха... Што за ліха?
Маю думкі — не паслед;
За манаткі—ды зноў з хаткі,
З ветрам, з песняй сып у свет!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала