Магілёўская гаворка

Аляксей Пысін

Не пазнаю вас у маўчанні,
Сябры мае - магіляўчане.
 
Ды ўсюды з вамі ў звонкім ззянні
Ёсць слова дарагое - сянні.
 
- Куды, сусед, хадзіў ты сянні?
- Мядзведзя пасвіў на аўсянні.
 
Не раз былі з табой спатканні,
Як полаз, выгнутае - сянні.
 
І часам нават генерала
Яно ў бяседзе выдавала.
 
Ці ж дзіва, што каля Тургаю
Сваіх зямлячак сустракаю.
 
Тут стэп напоўнен галасамі:
- Камбайны выязджаюць сянні!
 
1963

Іншыя творы: Аляксей Пысін