«Лугоў зялёнае міжброўе...»

Аляксей Пысін

Міхасю Стральцову
 
Лугоў зялёнае міжброўе,
Вада - славянскай сінявы.
Мне кожны колас Прыдняпроўя
Жадае добрага здароўя
Паклонам русай галавы.
 
Вось бескапытная дарога
Звініць у бесканечнасць дня.
Нібы на маманта жывога,
Гляджу на рыжага каня.
 
Зямля - у воблаках і мяце -
Ляці увысь,
Глыбока сей!
Сасна паклікала, як маці,
Працяжна, глуха: «Аляксей...»
 
1966

Іншыя творы: Аляксей Пысін