«На свежым пні глыбокія кругі...»

Аляксей Пысін

На свежым пні глыбокія кругі,
У іх, нібы ў пласцінцы грамафоннай,
Схаваны ліўні грамавых сімфоній
І цішыня затоенай тугі.
 
Над дахамі ў світальныя часы
Дымкі - як разматаныя палотны.
Лятуць ад нас бацькоўскія лясы,
Лятуць ад нас у вырай беззваротны.
 
Спякотны подых лядаў стаў гусцей,
Кругі на пнях раскручвае трывога:
Ці не лятуць ад нашага парога
Калыскі ненароджаных дзяцей?
 
1965

Іншыя творы: Аляксей Пысін