Чым хата багата

Янка Купала

Усяго пакрысе
Знойдзеце вы гэтта,—
Пры сасе, пры касе
Сабрана за лета.
 
Шчырым сэрцам, душой
Складана няхітра,
Знама — свой, не з якой
Там «звёздкай» ці мітрай.
 
Што-нібудзь мо не так —
Прашу прабачэння;
Трудна ў рыхт — часу брак,
Мазаліста жменя.
 
Мо і радасць тут — госць,
Больш нуды праклятай;
Вось бярыце, што ёсць,
Чым хата багата.
 
Што у думках я меў,
Кепска даць не браўся,
Хоць, як скованы леў,
Туды-сюды рваўся...
 
Людзі мруць, а ўсё ждуць
Багатшай уроды,
Мо і к нам прыбягуць
Шчаснейшыя годы.
 
О, тады сноп у сноп
Жніва наша будзе...
Сотня коп, мільён коп...
Дзівуйцеся, людзі!
 
А цяпер, што цяпер? —
Бывайце здаровы!
Чэсці дайце прымер
Для радзімых словаў.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала