«Звяздзе»

Янка Купала

Дырэктывы партыі,
Ўрадавы дэкрэты —
Праўду бальшавіцкую
Нашы ўсе газеты
 
Нясуць пераможліва —
Толькі падзівіцца —
Па Саюзу вольнаму
Светлаю крыніцай.
 
На варце савецкае
Стаяць безупынна,
Выкрываюць шкоднікаў —
Ворагаў краіны.
 
Думкі множаць мудрыя,
Ўсё тлумачаць ясна
Грамадзе працоўнае —
Рабочай, калгаснай.
 
І растуць, і множацца
Фабрыкі, заводы,
На ніве калгаснае
Усходзяць буйна ўсходы.
 
Пяць тысяч — не жарты
Нумароў з запалам
«Звязда» наша слаўная
Ўжо надрукавала.
 
Пяць тысяч — не жарты вам —
Ды тут — на фарпосце,
Ад рукі варожае
Дзе йшчэ тлеюць косці.
 
Пяць тысяч — не жарты вам —
Праз гадоў шаснаццаць
«Звязда» з подлым ворагам
Мусіла змагацца...
 
Скажам жа ёй шчырае
Наша пажаданне:
Каб жыла, квяцілася
Далей безустанне.
 
Каб з той жа упартасцю,
З тым жа гераізмам
Шляхі далей значыла
Аж да камунізма.
1934

Іншыя творы: Янка Купала