Два светы

Янка Купала

1 Дзед
Сёрбай, дзеду, сёрбай
Крупнік ды зацірку,—
Пабрыдзеш бо з торбай,
З торбай дзірка ў дзірку.
 
Закарбуй на бірку,
Што на гора спор быў,
Спорна год нацыркаў,
Дарабіўся горбу.
 
Высвідраваў корбай,
Вырыў плугам-кіркай
Баразністу ворбу
Тры аршыны шыркай.
 
Выцерпеў прыдзіркаў,
Што і мор не сцёр бы,—
Стар і мал век гыркаў:
— Сёрбай, дзеду, сёрбай!

2 Унук
Дзедаў ўнук-гарэза,—
Як чмель чапурыцца,
Ўсе б платы парэзаў,
Плот яму — макрыца.
 
Ён не спакарыцца,
Як сам рымскі цэзар,—
Хто супроць — кастрыцай,
Бахне і з «абрэза».
 
У руках жалеза
Жарам заіскрыцца,
Не ўпляце дзярмезаў
Яму і цямрыца.
 
Як ёсць чым прыкрыцца —
Багацей ад Крэза...
Выйдзе ў свет крыніцай
Дзедаў ўнук-гарэза.
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала