Не чакай...

Янка Купала

Не чакай пацехі скорай,
Думкам дай заснуць,
Што паспагадае гору
Твайму хто-нібудзь.
 
Не чакай ты ласкі братняй,
Што можа калі
Дабравольна і бясплатна
Дастанеш зямлі.
 
Не чакай, што ржа з гадамі
Паесць ланцугі,
Што мінуцца сабой самі
Нагайкі, штыхі.
 
Не чакай... Знай, да магілы
Жывеш з сілы рук,—
Павер сіле, толькі сілай
Збудзешся ўсіх мук!
 
Рухне ўсё, што з веку сходзе,
Ляжа к шчасцю след;
Так з зімы вясны разводдзе
Аднаўляе свет.
 
14 чэрвеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала