Куды ні ўцякаю...

Янка Купала

Куды ні ўцякаю
Ад долі сваей,
Усюды спаткаю —
Раней ці пазней.
 
Надзеі ўсе скруціць,
Засвішча бядой,
І сэрца засмуціць,
І ліне слязой.
 
Магільную песню
Ў душы запяе,
Нашле нуды плесню
На думкі мае.
 
І б’юся ж напрасна,
Як рыба аб лёд,
Ад долі няшчаснай
Няма мне варот!
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала