Віхор загуляў

Янка Купала

Гэй, шумна у боры
Віхор загуляў;
Аб слёзах, аб горы
Завыў, запяяў.
 
Аж хіляцца сосны,
Аж стогнуць дубы
Ад гэтай жалоснай
Віхорнай кляцьбы.
 
Вавёркі-грызухі
Заселі ў дуплох,
Мядзведзь ад разрухі
Палез у бярлог.
 
А людзі, што бор той
На дровы сяклі,
З душою раздзёртай
У хаты ўцяклі.
 
І пуста, і дзіка
Пад борам кругом,
Як помсты вялікай
Заплёў хто залом.
 
Як дзе па пажары —
Жыцця ані чуць...
Касматыя хмары
Па небе паўзуць.
 
Віхор жа у боры
Гудзе і гудзе
Аб слёзах, аб горы,
Аб людскай бядзе.
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала