Перад Сёмухай

Янка Купала

Гаю, гаю, гаю,
Схаджу да дубровы,
Насяку там маю
Ахапак здаровы.
 
Будзе тут бярозка,
Будзе тут рабінка,
Будзе клёну горстка,
Будзе і калінка.
 
Перад хатай нізкай
Пасаджу я дрэўцы,
Ад аконцаў блізка
Падбяру ім месца.
 
Ой, кумы, кумочкі,
Міла паглядзеці,
Як пачнуць лісточкі
Трэсціся, шумеці,
 
Шаптаць, гаманіці
Ціха між сабою,
Галоўкі хіліці
Тут жа нада мною.
 
І мне здасца ў хаце,
Што дрэўцы бясконца
Раяцца, як даці
Долю мне й старонцы.
 
9 чэрвеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала