Князь

Янка Купала

З-за далёкай стараны
Едзе, едзе князь, князь;
Конь пад князем буланы,
Капытамі бразь, бразь!
 
Зброя золатам гарыць,
Толькі ў сонцы зях, зях!
У руцэ меч князь дзяржыць,
Так і гэтак мах, мах!
 
Скача конь на паваду...
Ціха, косю, стой, стой!..
Чэрпе дзеўчына ваду,—
Як зірнула: ой, ой!
 
— Пачакай, бо даганю,
Дзяўчынанька, гэй, гэй!
Дай вады майму каню,
А мне песню спей! спей!
 
Князь і молад, і прыгож,
Як у садзе мак, мак,
І дзяўчына — як цвет рож,
Як лілея, так, так!
 
Піць дала каню з вядра,
Спела песню там, там,
Князь горсць кінуў серабра
І паехаў сам, сам.
 
Ўзяўшы ведзеркі свае,
Дому дзеўка йдзе, йдзе
І так жаласна пяе:
Доля, доля, дзе, дзе?
 
1919

Іншыя творы: Янка Купала