З асенніх напеваў

Янка Купала

Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
З нядолі вялікай.
 
Цяжанька марнеці
Ў жыцця паняверцы;
І восень на свеце,
І восень на сэрцы.
 
Штогод вясну бачым,
Гуляючы ў полі,
Дый вясны на сэрцы
Не знаў я ніколі.
 
Не даў ты мне, Божа,
Зазнаць шчасця, волю,—
Забяры ж ты, Божа,
І маю нядолю.
 
Моладасць, вясёласць
Не жылі са мною;
Пейце ж хоць вы, песні,
З няшчаснай душою.
 
Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
З нядолі вялікай.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала