Восень

Янка Купала

Вось і па леце... Няма яснай гожасці;
Восень запела пагудку сваю;
Нудна, жаль нейкі адцвіўшай прыгожасці,
Гіне ахвота к пацехам, к жыццю.
 
Вока не пасвіцца зеленяй, коласам,
Сэрцу раздолля, прыволля няма;
Вецер заводзіць нябожчыцкім голасам,
Вые, рагоча, як ведзьма сама.
 
Лісце струпеўшае з дрэў асыпаецца,
Веткі шкілетамі сталі без іх,
Воўчыя зрэнкі між пнёў палыскаюцца,
Птушчын і лопат, і шчэбет заціх.
 
Неба адзелася цёмнымі хмарамі,
Сыпе сцюдзёнай слатою, дажджом;
Жоравы, гусі лятуць над папарамі...
Цёмна, пагібельна, слёзна кругом.
 
Штосьці трывожнае, зло-непрыхільнае
Сунецца з гэтай мярцвячай глушы...
Восень панурая, восень магільная!
Страшна ты чуткаму сэрцу, душы.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала