Перад бурай

Янка Купала

Што бачу? — ўсё ціха, ўсё спіць пад няславай...
Ці ж праўда? — няўжо гэта вораг асіліў?
Няўжо ўсе байцы за народную справу
Тыранамі зможаны, леглі ў магіле?
 
Няўжо ўвесь народ упаў гэтак нікчэмна
І даўся без голасу дэспату ў рукі?
Няўжо дух свабоды, дух сілы мяцежнай
Замёр і не ўскрэсіш ніякай прынукай?
 
Ці ж мала няшчасцяў, ці ж мала слёз мора?
Ці ж мала кайданаў, мучэнняў не ў меру?
О, не! Штосьці сэрца іначай гавора,—
Я гэтакай цішы не веру, не веру!
 
Так толькі бывае прад летняю бурай —
І птушка замрэ, й пагляд сонца нясмелы,
На небе ж збіраюцца хмура за хмурай,
І гром заграхоча, і дрогне свет цэлы!
 
14 чэрвеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала