Дзе ты, шчасце маё?..

Янка Купала

Дзе ты, шчасце маё, дзе ты, светлая доля?
За што сэрца гняце жалю дзікая змора?..
Выйду цёмнай парой гэт за вёску на поле
І падслухаю сціха, што ночка гавора.
 
Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу
Песняй радасці зглуша і ўспіць назаўсёды,
Мо пакажа няшчаснаму к долі дарогу
І разгоне ў душы цемнаты, непагоды.
 
Га! нічога не чуць, толькі неяк, здаецца,
Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны,
Толькі шум баравы з цёмнай далі нясецца
І пяе у душы пахавальныя гімны.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала