Ўсюды лета...

Янка Купала

Ўсюды лета, лета,
Гулі строіць сонца,
Шалясціць зялёны
Колас на саломцы.
 
Выйдзі, закрасуйся,
Як зара да ўсходу,
Пакажыся свету,
Свету ды народу!
 
І з праменняў яркіх,
Яркіх, зіхацістых,
Ты сатчы апратку,
Як бы з кос агністых.
 
З васілёчкаў сініх,
З муравы зялёнай
Ты спляці вяночак,
Ты спляці карону.
 
Ў серабрысты росы,
Бы ў брыльянты тыя,
Ты ўцвяці убор свой,
Шаты залатыя.
 
Заясней, зардзіся
У славе неразвеўна,
Нібы дзіва тое —
Ў казцы каралеўна.
 
Пакажыся свету,
Свету ды народу,
Родная старонка,
Як зара да ўсходу!
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала