Мужык

Янка Купала

Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Чытаць, пісаць я не умею,
Не ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І свята рэдка калі знаю,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык,—
Працую, як той вол рабочы,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я без доктара лячуся,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, свет пакінуць,—
Бо я мужык, дурны мужык.
 
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
 
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!
[1905]

Іншыя творы: Янка Купала