Край паэтаў

Пімен Панчанка

Добра ведаюць усе амаль з маленства,
Што паэтаў нараджаюць пад Смаленскам,
 
Ля падножжа Арарата і ў Сібіры,
І на землях Руставелі і Сабіра,
 
Над Дняпром, дзе нешта п’юць з пякучым перцам,
І на Балтыцы, дзе людзі з мужным сэрцам.
 
Часам іх знаходзяць у Разані,
А яшчэ жывуць паэты ў Дагестане...
 
Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,
Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты.
 
Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі,
Гэтым краем з Кішынёва ехаў Пушкін.
 
Там прыгонных шмат паэтаў замарылі,
Там Міцкевіч закахаўся ў Марылю.
 
І Тарас у Пецярбург ішоў праз слёзы,
На яго шляху журыліся бярозы...
 
З той пары там песняроў — нібыта маку,
Аж статыстыка дае ў падліках маху.
 
Край чаромхі і чабору, край прасторны,
Дзе і крытыкі вядуць сябе прыстойна.
 
Там маланкі аб дубы ламаюць коп’і,
Выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі.
 
Смела дзятлы пішуць вершы на бяросце,
Не вылазяць з-за стала па тыдню госці,
 
Бо у возеры вугры,
А стронга ў рэчцы.
Там машыны з канюшынай не у спрэчцы;
 
І з барамі ўсе заводы добра дружаць;
І салдат на службе служыць, а не тужыць,
 
Бо красуня перад ім не задаецца...
Там зубрыная гарэлка прадаецца,
 
А частуюць там гасцей баравікамі.
Самагонку п’юць паціху толькі самі.
 
Там чарнічныя ўсе ночы,
Сунічныя ранкі,
Там народ найболей любіць вершы Янкі.
 
Там дзяўчаты носяць белыя панчошкі,
Сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі.
 
Дзе ж той край залатакосы, край зялёны —
Рык ласіны,
Звон пчаліны,
Мора лёну?
 
Там, дзе Свіцязь, там, дзе Прыпяць і Ясельда,
Дзе танцуюць пад цымбалы на вяселлях;
 
Дзе жанчына, сінявокая і ласкавая,
Звонка чаравічкамі паляскавала.
1963

Іншыя творы: Пімен Панчанка