«Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае...»

Пімен Панчанка

Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае,
I просіць засмяглая кнігаўка піць.
3 драздом і удодам, заранкай і пліскаю
Святлей, чалавечней нам жыць і любіць.
 
А як салаўі працінаюць наскрозь нас,
А як перапёлкі у жыце крычаць.
А птушкі пяюць то пяшчотна, то грозна,
I ў роздуме добра тады памаўчаць.
 
У цёплым бары і на сінім узмор’і
Без тлуму птушынага свет бы аглух.
Чаму ж вылучаем з птушыных сузор’яў
Мы двух, не найлепшых, не горшых, а двух.
 
Хто птушку пакрыўдзіць —
Той сам сабе здрадзіць.
Жыццём і бацькамі завешчана нам:
Адкласці ўсе справы вясною, а зладзіць
Шпакоўні шпакам, а буслянкі буслам.
 
Патрэбна штодзённая людзям руплівасць
I песні, каб лашчыла сонца і слых.
Каб дзеці вяліся, каб лад быў шчаслівы,
А гэта прыносяць у хаты буслы.

Іншыя творы: Пімен Панчанка