«Толькі лісцем рабін шалахні...»

Пімен Панчанка

Толькі лісцем рабін шалахні
I пакліч па імені —
Для мяне аднаго агні
Загарацца над Ільменем.
 
Я на захад пачну пазіраць,
За сцюдзёныя воды Ільменя,
I вандруючая зара
Загарне ў сваю плынь мяне.
 
А куды занясе і шпурне —
Я зары даверуся.
Можа, знойдуць людзі мяне
На палескім верасе.
 
Упаду на дол нежывым,-
Усё роўна і мёртвы я
Буду слухаць гул баравы,
Скрып галля пад вавёркамі.
 
А жывым даплыву, жывым,
Непараненым, непашкоджаным,—
Па шляхах пайду баравых,
Па лугах някошаных.
 
Да цябе, да знаёмых рабін,
Дабягу і скажу няголасна:
«Я пачуў, я прыйшоў, бо любіў.
Быць табе сярпом, а мне коласам».

Іншыя творы: Пімен Панчанка