«Будуць вечна сады расцвітаць...»

Пімен Панчанка

Будуць вечна сады расцвітаць,
Белагрудыя ластаўкі лётаць
І дзявочыя ногі таптаць
Залатую лотаць.
 
Але гэткай вясны і снам
Не прыдумаць ніколі болей, -
Напаіла сягоння вясна
Успаміны болем.
 
Росы падаюць з ціхіх траў
На мае армейскія боты.
Растрывожыў, усхваляваў
Дрэў і кветак ласкавы дотык.
 
Думаў - толькі кроў і вайна,
Толькі жорсткія словы і думы.
Адгукнулася раптам яна,
Нібы рэха далёкае, сумам.
 
Вось, здаецца, поруч ішла б,
Гарадзіла б дзявочыя глупствы:
«Глянь - з бярозай цалуецца граб»
Ці «Дастань мне вясёлку на хусту».
 
Не, не прыйдзе яна у лясы:
Там, за фронтам, знаёмая хата...
І птушыныя галасы
Заглушае голас гарматы.
 
1942

Іншыя творы: Пімен Панчанка