Спарышы

Пімен Панчанка

Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
I пяюць на сто ладоў сініцы —
Упіліся, пэўна, ад расы.
 
На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап'яну гаркаваты пах.
I арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах...
 
Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў —
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, —
Пару запаветных спарышоў.
 
Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.
 
У яе пакоі — вокны насцеж,
I сама, як раніца, была.
«На, вазьмі сабе спарыш на шчасце...»
Ціха засмяялася, ўзяла.
 
Узяла і тут жа раскусіла:
«Дзякую, браточак, шчасце ёсць!»
На вяселле хлопца запрасіла:
«Будзеш у мяне найлепшы госць!»
 
Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.
 
А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе...
Ля вачэй — маршчынкі...
Шчасця мала:
Муж — гультай, бадзяецца ды п'е.
 
Прызнавацца сорамна і горка.
«Як тады аслепнуць я магла?
— Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла».
 
Вось і ўся гісторыя...
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: «А я збярог».

Іншыя творы: Пімен Панчанка