Покуль сонца ўзыйдзе...

Янка Купала

Покуль сонца ўзыйдзе,
Блудзіць цяжка ночай;
Той нас тут не крыўдзе,
Хто толькі не хоча.
 
Колькі поля, колькі
Ў тых, каму не трэба!
А ў нас гэтак мала,
Што няма і хлеба.
 
Колькі лесу, колькі,
Дзе б вокам ні кінуў!
А мы нат не маем
І на дамавіну.
 
*
Свеціць сонца,свеціць
Падчас і ў аконца,—
Бядак за слязамі
Не бача і сонца.
 
Ой, ліюцца слёзы
І ў дзяцей, і ў маткі...
Не плачце, працуйце
На чынш і падаткі.
 
Не плачце вы, дзеці,
Не плач і матуля,
Ў бядзе вас пацешыць
Ці астрог, ці куля...
 
26 ліпеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала