Я і воля мая

Янка Купала

Мы радзілісь на свет —
Я і воля мая;
Шчыра нас прыняла
Ўся людская сям’я.
 
Мы раслі удваём —
Я і воля мая;
Небу міла было,
Мела радасць зямля.
 
Мы жывём удваём —
Я і воля мая;
Воля песні пяе,
Разумею іх я.
 
Толькі ўмром не ўдваём —
Я і воля мая;
Я памру,— воля век
Не пакіне жыцця!
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала