З вячэрніх дум

Янка Купала

Як нябеснае згасне за лесам святло,
А ноч крылле распусціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
І на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.
 
Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.
 
Тонуць думы ў спакоі трывожна-святым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць залатым —
Мільёнамі зор без канца, без граніцы.
 
Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі з’яўныя шорахам тайным складае,
Песню з небам снуе — праслаўляе зямлю;
Ў песню лучыцца гэту душа маладая.
 
Аб квяцістым зямнога жыцця харастве,
Аб праменнях, што долю галубяць людскую,
І аб з сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую...
 
Гледзячы, як загон наш калоссямі спеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песню далі і неба таксама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала