Над сваёй айчызнай

Янка Купала

Божа! гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе айчызна мая?
 
Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыццё?
Свой народ быў кругом
І любіў сваё ўсё!
 
Сваю песню ў лад свой
Не стыдаўся запець
І сярмяжкі сівой
Не стыдаўся надзець!
 
Весяліўся народ,
Аж грымела сяло!
Ва ўсіх светлы паглёд,
Ва ўсіх шчасце цвіло.
 
А цяпер, а цяпер
Не відаць ясных зор,
Хоць сабе сам не вер,—
Знікла ўсё, як віхор!
 
Знікла ўсё, як імгла,
Няма славы таей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!
 
Адны ў шар курганы —
Сведкі бітваў — стаяць;
Косці к ім груганы
Прылятаюць збіраць.
 
Прашмыгаюць вужы,
Канюх моліцца «піць»,
Воўк прабег па мяжы,
Далей спіць усё, спіць!
 
28 жніўня 1906

Іншыя творы: Янка Купала