Шарада № 1

Янка Купала

Гэй, ты, першая мая!
Мы адно з табою;
Хоць ты літара ўсяго,
Дый мая ж затое.
 
Тая трэцяя, а з ёй
І другая з чыну
Прыгадзіцца мне на стол
І на дамавіну.
 
А усё, як прыйдзе к нам —
Важна загуляем:
Пусцім чаравічкі ў ход,
Песню заспяваем.
 
[1913]

Іншыя творы: Янка Купала