Душачка, шынкарка...

Янка Купала

Душачка, шынкарка,
Калі ў Бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць трошкі
 
Кепска трохі: грошы
Не маю сягоння,
Але ж мяне знаеш,—
Я круціць не ўмею.
 
Ўрэшце і заставу
Дам, калі захочаш;
Гэтага замала,—
Шчыра пацалую.
 
Эх, каб яго немач
З гэтакім і шчасцем!
Ты і ўцям не возьмеш,
Што спаткаці можа.
 
Так учора цвёрда
Меціўся не ўпіцца,—
Бач, сваяк сустрэўся,
І глядзі, што выйшла:
 
З сваяком пабіўся
Чуць дамоў заплёўся,
Ўхлёпаўся ў балота
І пасеяў шапку.
 
А пасля пахмелля
Смак ці знаеш гэты? —
І ў грудзях трасецца,
І лоб як не трэсне.
 
Дык, шынкарка-сэрца,
Калі ў Бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць капку!
 
[1922]

Іншыя творы: Янка Купала